ЯРАСЛА́ЎСКІ СПА́СА-ПРААБРАЖЭ́НСКІ МАНАСТЫ́Р,
помнік архітэктуры 16—18 ст. у г. Яраслаўль (Расія). Размешчаны на беразе р. Котарасль, абкружаны магутнымі крапаснымі сценамі з вуглавымі вежамі (1635—46). Уваход у манастыр цераз т.зв. Святую браму ў масіўнай 4-граннай вежы (1516). У 1621 над брамай надбудавана царква з каменным шатром і галерэяй. Дамінанта комплексу — 4-стоўпны 3-купальны Спаса-Праабражэнскі сабор на высокім падклеце, абнесены адкрытымі галерэямі (на падмурку храма 13 ст., 1505—16). У інтэр’еры захаваліся фрэскі 1563—64, іканастас пач. 16 ст. Падклет сабора выкарыстоўваўся як пахавальня мясц. князёў, у 17—18 ст. — заможных гараджан. У комплексе манастыра званіца (16 ст., у 1809—23 перабудавана ў формах несапраўднай готыкі), 1-стаўповая трапезная палата з царквой Раства (16 ст.). Іл. гл. да арт. Манастыр.
Г.А.Лаўрэцкі.
т. 18, кн. 1, с. 297
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)